РУ́СКАЯ ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ НАРО́ДНАЯ А́РМІЯ (РВНА),
вайсковае фарміраванне з б. грамадзян СССР, арганізаванае ў канцы 1941 ням.-фаш. акупантамі ў Вял. Айч. вайну. Асновай РВНА сталі атрад нар. міліцыі ў пас. Локаць Брасаўскага р-на Арлоўскай вобл. (Расія) і групы мясц. самааховы ў навакольных вёсках пад кіраўніцтвам К.П.Васкабойніка (кіраўнік адміністрацыі аўт. раёна, створанага ў тыле 2-й танк. арміі вермахта). Пасля гібелі Васкабойніка фарміраванне ўзначаліў інж. Б.В.Камінскі, які разгарнуў актыўную дзейнасць супраць партызан. Пасля рэарганізацыі гітлераўцамі аўт. раёна ў павет, потым у акругу з насельніцтвам каля 600 тыс. чал. Камінскі ў выніку мабілізацыі скамплектаваў брыгаду колькасцю да 12 тыс. байцоў і назваў яе РВНА. Падраздзяленні РВНА ваявалі супраць партызан, неслі ахоўную службу. У 1-й пал. 1943 часці Чырв. Арміі нанеслі РВНА шэраг паражэнняў. У жн. 1943 з дазволу ням. камандавання Камінскі пачаў эвакуацыю РВНА і цывільнага насельніцтва акругі (эвакуіравана каля 30 тыс. чал.) у раён г. Лепель. Аднак у выніку масавага дэзерцірства і пераходу байцоў і жыхароў акругі на бок сав. партызан колькасць РВНА скарацілася больш чым на 2/3. Брыгада, папоўненая мясц. паліцэйскімі, абараняла тылавыя камунікацыі 3-й танк. арміі вермахта, па якіх наносілі ўдары партыз. брыгады Полацка-Лепельскай партызанскай зоны. У пач. 1944 РВНА разам з бежанцамі пераведзена ў г. Дзятлава Гродзенскай вобл. У крас.—маі 1944 два палкі брыгады ўдзельнічалі ў антыпартыз. аперацыях «Лівень» і «Веснавое свята», у час якіх яны былі ўключаны ў склад баявой групы К. фон Готберга як «штурмавая брыгада РВНА». Потым РВНА разгорнута ў 29-ю грэнадзёрскую дывізію СС. У жн. 1944 асн. сілы дывізіі ўдзельнічалі ў задушэнні Варшаўскага паўстання, дзе панеслі вял. страты. Вызначыліся рабаўніцтвам мясц. жыхароў і марадзёрствам. Камінскі асуджаны ваен.-палявым судом СС і расстраляны. У кастр. 1944 рэшткі дывізіі раззброены і адпраўлены ў Мюнзінген (Германія), дзе ўвайшлі ў склад 1-й дывізіі Рускай вызваленчай арміі ген. А.А.Уласава.
С.У.Жумар.
т. 13, с. 463
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)